Карабоўская шасейка
Аўтар
Фёдарава Ганна Станіславаўна,
настаўнік пачатковых класаў
Вершы пра малую радзіму
Карабоўская шасейка
Уецца змейкай,
гнуткай змейкай
Карабоўская шасейка.
Лета пах,
нябёсаў просінь…
І бярозы ў неба ўзносяць
пышны верх,
бы каралеўны.
Так прывабна!..
Так напеўна!..
Стан бялюткі,
стан павабны.
У бяроз прытулак слаўны!
Лета пах,
нябёсаў просінь…
Лёгка на душы, і просіць
сэрца ласкі і пяшчоты.
Шэпча лісце:
― Дзе ты? Хто ты?
Уецца змейкай,
гнуткай змейкай
Карабоўская шасейка.
Лета пах,
нябёсаў просінь…
― Не спяшайся ў край наш,
восень,
Лета дай красой напіцца!
Ой, бярозкі! Чараўніцы!
***
Водар Карабоўшчыны
Тут не нарадзілася,
Толькі тут узрошчана,
І паўсюль мне мроіцца
Водар Карабоўшчыны.
Травы сакавітыя
І бярозкі стройныя,
Песні жаўруковыя
Ды вятры няўмольныя.
Водар Карабоўшчыны –
Мёду пах гаючага,
Яблыні вясновыя
Ды лугі пахучыя.
А палі – бяскрайнія!
Радасць у вачах…
Водар Карабоўшчыны –
Чабаровы пах!
Мой край вясновы
Мой край вясновы! Сінімі снягамі
Яшчэ спавіта сонная зямля,
Яшчэ не абудзіліся дубровы,
Ды птушкі ўжо ляцяць, ляцяць здаля.
Яшчэ не адгукнуліся палеткі
Праменням сонца ярка-залатым,
Яшчэ не зацвілі пралескі-кветкі,─
Зямля працівіцца марозам злым.
Зямля чакае цёплага прадвесня,
Нібы суцішылася… і маўчыць.
Чакае звонкай жаўруковай песні,
Чакае, што жураўка закрычыць.
Тады прачнуцца родныя прасторы
І ўстрапянуцца рэкі ада сну!
І што нам горы, ды нашто нам моры, ─
У родным краі стрэцім мы вясну.
І зажывем, абуджаныя сонцам,
І заспяваем… Як вясёла жыць!
Мой край вясновы я люблю бясконца,
Чакаю: мо жураўка закрычыць?!
***
Як мала чалавеку трэба:
Глыток паветра, скібу хлеба,
Яшчэ – блакіт, каб бачыць неба…
Як мала чалавеку трэба.
Як чалавеку трэба многа:
Была каб роўнаю дарога,
Не быў бядней каб за другога…
Як чалавеку трэба многа!
Як чалавеку трэба мала:
Каб зорка ночкаю заззяла,
А ранкам сонейка ўставала…
Як чалавеку трэба мала.
Як многа трэба чалавеку:
Каб шанцавала аж да веку,
Душа каб не спазнала здзеку…
Як многа трэба чалавеку!
А колькі ж мы на справе маем?
А маем столькі, колькі дбаем!..