Адпачываем і вандруем разам
Адпачываем і вандруем разам
Цікава і змястоўна распачаліся канікулы ў школьным лагеры адпачынку ”Алімпіец“, які сабраў у сваіх радах пачаткоўцаў. Мэта дзейнасці – не толькі аздараўленне дзяцей, але цікавы і змястоўны адпачынак. Прыярытэтны напрамак выхавання – патрыятычны. Гэта вандроўкі па родным краі, знаёмства з гісторыяй і памятнымі мясцінамі Глыбокага і Глыбоччыны, сімволікай і галоўнымі каштоўнасцямі беларусаў і Беларусі.
31 кастрычніка – першы дзень дзейнасці лагера. Ён запомніўся дзецям вандроўкай у раённую дзіцячую бібліятэку і гісторыка-этнаграфічны музей.
У раённай бібліятэцы дзеці з задавальненнем дэманстравалі свае веды пра дзяржаўныя сімвалы, сталіцу Беларусі, яе памятныя мясціны. Прыемна, што супрацоўнікі бібліятэкі адзначылі падрыхтаванасць вучняў па тэме занятку і іх зацікаўленасць самой тэмай. Спадабалася вучням віртуальнае падарожжа па гарадах і памятных мясцінах Беларусі.
Вандроўка ў гісторыка-этнаграфічны музей таксама пакінула шмат прыемных уражанняў і ўзбагаціла ведамі па гісторыі горада Глыбокае. Навуковы супрацоўнік музея Ігар Віктаравіч Фёдараў вёў расповяд такім чынам, каб зацікавіць дзяцей экспанатамі музея і іх гісторыяй. Часам нават пытаўся ў дзяцей пра прызначэнне экспаната або сэнс яго назвы. Мэта экскурсіі – не проста даць вучням пэўны аб’ём інфармацыі, а заахвоціць іх саміх да пошуку інфармацыі.
1 лістапада пачаткоўцы прадоўжылі сваю вандроўку па родным краі. На гэты раз іх маршрут прайшоў праз вёску Празарокі. Дзеці завіталі на радзіму бацькі беларускага тэатра Ігната Буйніцкага.
Спачатку вучняў гасцінна сустрэлі ў Празароцкай базавай школе, дзе была праведзена экскурсія па ўстанове адукацыі і залах музея Ігната Буйніцкага. Дзеці даведаліся пра гісторыю ўзнікнення назвы вёскі, гісторыю вёскі Празарокі, асаблівасці рамёстваў і побыту вяскоўцаў. Яшчэ ўвага надавалася таленавітым землякам Празароцкага краю. Дзеці даведаліся, што вяскоўцы, а раней – местачкоўцы, любілі і любяць спяваць, таньчыць, што захавалі і перадалі ў школьны музей шмат прадметаў побыту, якімі карысталіся продкі.
У музеі Ігната Буйніцкага вучні пачэрпнулі шмат інфармацыі пра зараджэнне тэтральнай трупы, яе ўдзельнікаў, рэпертуар тэатра. Цікава, што напярэдадні дзеці ўжо атрымалі пэўную інфармацыю па гісторыі стварэння тэатральнай трупы і самога Ігната Буйніцкага, таму экскурсія ў Празароцкую школу – гэта свайго роду экзамен на ўважлівасць, праверка атрыманых ведаў.
Па дарозе дадому ўдзельнікі вандроўкі спыніліся каля магілы Ігната Буйніцкага і аддалі даніну яго творчаму таленту.
Сумнай старонкай у гісторыю вёскі ўпісаны падзеі Вялікай Айчыннай вайны. У 1941 годзе ў Празароках было расстраляна 240 яўрэяў, аб чым сведчыць памятны знак на выездзе з вёскі. На чале з Аляксандрам Станіслававічам Аляхновічам, кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні ўстановы, дзеці схілілі галовы ля брацкай магілы яўрэяў, жыхароў вёскі Празарокі, па-зверску замучаных фашыстамі 7 снежня 1941 года.
Важна, што дзеці правільна зразумелі сэнс акцыі: памяць пра трагічныя старонкі гісторыі Радзімы павінна быць жывой дзеля захавання міру, дзеля выхавання патрыятызму і любві да малой радзімы і Бацькаўшчыны.
Выхавальнік лагера адпачынку ”Алімпіец“ Фёдарава Г.С.