Выдатны работнік сельскай гаспадаркі
Выдатны работнік сельскай гаспадаркі






Працоўная біяграфія Віктара Уладзіміравіча Сіўко пачалася ў 1972 годзе. З таго часу на працягу сарака пяці гадоў ён шчыраваў на зямлі сваёй Бацькаўшчыны. Шчаслівы, што тут нарадзіўся і вырас, спазнаў сапраўдную каштоўнасць працы хлебароба. Любіць вёску і без яе не ўяўляе свайго жыцця. За самаадданую працу шматразова ўзнагароджваўся граматамі і падзякамі. У 2011 годзе Віктар Уладзіміравіч двойчы ўзнагароджаны граматамі Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта за дасягненне лепшых паказчыкаў і значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу раёна. У 2012 і 2014 гадах руплівы хлебароб атрымаў граматы Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта як пераможца раённага спаборніцтва на ўборцы збожжавых культур.
Як выдатны работнік сельскай гаспадаркі, Віктар Уладзіміравіч меў гонар двойчы браць удзел у абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў сяла ”Дажынкі“. У 2011 годзе ўзнагароджаны Ганаровым дыпломам за другое месца ў рэспубліканскім спаборніцтве на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў, якія ажыццяўлялі перавозку зерня ад камбайнаў. Разам з сотнямі выдатных хлебаробаў ён быў удастоены адной з узнагарод фестывалю – хатнім кінатэатрам. У 2012 годзе Сіўко Віктар Уладзіміравіч узнагароджаны Ганаровым дыпломам за першае месца ў рэспубліканскім спаборніцтве на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур сярод вадзіцеляў сельскагаспадарчых арганізацый і атрымаў каштоўны падарунак – матацыкл ”Мінск“.
Віктар Уладзіміравіч любіць тэхніку, а тэхніка любіць яго. Яшчэ ў маладосці з металалому без чарцяжоў і эскізаў ”з нуля“ сабраў самаробны трактар. У яго стаяла задача – зрабіць ”памочніка“ па гаспадарцы з таго, што мелася пад рукой. На зборку трактара пайшло два гады. Атрымалася кампактная і простая па канструкцыі, але пры гэтым вельмі функцыянальная тэхніка. Да трактара навешваецца плуг, якім можна ўзорваць зямлю. Па словах канструктара, міні-трактар важыць усяго паўтоны і вельмі просты ў кіраванні. Грузапад’ёмнасць – 200 кілаграмаў, а вось цягнуць можа да дзвюх тон. Усё жыццё гэты незвычайны трактарок дапамагае яго стваральніку, выконваючы мноства задач: восенню і вясной узорвае агарод і поле пад пасеў бульбы, пшаніцы, жыта, аўсу, на працягу года перавозіць грузы. Летам на трактары гаспадар правозіць сена.
Праца хлебароба ніколі не была лёгкай, аднак для Віктара Уладзіміравіча Сіўко – гэта не проста прафесійны абавязак, гэта дарога, даўжынёю праз усё жыццё, і найкаштоўнейшы спажытак, які ён атрымаў у спадчыну ад бацькоў і якім па-сапраўднаму ганарыцца.



























