21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы
Толькі праз родную мову чалавек можа стаць беларусам, бо ў ёй хімія і фізіка,
гісторыя і батаніка, эканоміка і культура таго,
што называецца нацыяй, народам.
Янка Сіпакоў
21 лютага ўвесь свет адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта дата была ўстаноўлена ЮНЕСКА ў 1999 годзе з мэтай захавання і развіцця моўнай разнастайнасці і шматмоўя. Родная мова – гэта частка нашага культурнага і духоўнага багацця, яна фарміруе нашу самасвядомасць і адрознівае нас ад іншых народаў.
Людзі не могуць існаваць без мовы. З яе дапамогай пазнаюць навакольны свет, выказваюць свае думкі, пачуцці, перажыванні, дзеляцца вопытам працоўнай дзейнасці. Ні авалодваць ведамі, ні нават думаць нельга без мовы, якая дазваляе нам чытаць і разумець кнігі, слухаць і засвойваць тое, што гавораць іншыя, размаўляць і абменьвацца думкамі з сябрамі, бацькамі, настаўнікамі, знаёмымі і незнаёмымі. Мова таксама адыгрывае галоўную ролю і ў фарміраванні светапогляду і інтэлекту чалавека.
Беларуская мова мае багатыя гістарычныя карані і ўзбагачаецца новымі словамі і выразамі. Наша мова служыць крыніцай нацыянальнай ідэнтычнасці і культурных традыцый. Аднак нельга забываць, што захаванне роднай мовы патрабуе пастаянных намаганняў і ўвагі. Усе мы павінны прыкладаць высілкі да таго, каб беларуская мова заставалася жывой і развівалася.
У гэты дзень ды і ў іншыя дні заклікаем усіх ахвотна выкарыстоўваць родную мову, чытаць літаратуру на беларускай мове, удзельнічаць у мерапрыемствах, прысвечаных роднай мове. Толькі сумеснымі намаганнямі мы можам захаваць і перадаць наступным пакаленням багатую спадчыну сваёй роднай мовы.
Добра, калі чалавек ведае некалькі моў, але найперш трэба ведаць мову таго народа, на зямлі якога мы жывём. Гэта дапаможа далучыцца да багатага жыццёвага вопыту беларусаў, да шматграннай духоўнай і матэрыяльнай культуры працавітага і мудрага народа.
20 лютага для вучняў 5-8 класаў прайшла моўная хвілінка “Размаўляй са мной па-беларуску”. Пачалася сустрэча з размовы пра гісторыю ўзнікнення Міжнароднага дня роднай мовы, пра неабходнасць захоўваць беларускую мову.
На працягу мерапрыемства вучні мелі магчымасць пагрузіцца ў багацце беларускай мовы: яны адгадвалі загадкі, тлумачылі значэнне старадаўніх слоў, успаміналі прыказкі і прымаўкі. Гэта быў сапраўдны скарб народнай мудрасці і творчасці! Пад час моўнай хвілінкі навучэнцы чыталі вершы на роднай мове.
Мерапрыемства атрымалася яркім і карысным. Яно яшчэ раз нагадала нам, што родная мова — гэта наша духоўная спадчына, якую трэба берагчы і шанаваць!































