Навагодняе шоу "У пошуках казачных герояў"

29 снежня вучні пачатковых класаў ладзілі навагодняе шоу. Яны адправіліся ў зімовае падарожжа, дзе шукалі казачных герояў – памошнікаў Дзеда Мароза. Баба Яга пачала свята. Ёй дапамагалі Фея і Скамарох. Яны адправіліся на пошукі Сняжынак, Снегавікоў, Лясных жыхароў, Чараўніка, песні для свята, Маскарада, Завірухі. 
Кожны герой праводзіў забаўляльную хвілінку для гледачоў. Так, Сняжынкі разам з Завірухай парадавалі прысутных сваім чароўным танцам і цікавай навагодняй віктарынай. Снегавічкі пад урачыстыя гукі фанфар з’явіліся на сцэне з задорным маршам. На заклік Скамароха адгукнуліся лясныя жыхары – Вавёрка і Заяц. Яны правялі флэшмоб “Лясныя забавы”. Затым на свята завітаў Чараўнік, які з дапамогай свайго чароўнага капелюша адгадваў думкі гасцей. Упрыгожваннем навагодняга шоу стаў Маскарад. На сцэне з’явіліся грандыёзны Снегавік, прыгожая Прынцэса, дабракі-Каты, паважны Кароль, адважны Мушкецёр, знаходлівы Мюнхаўзен, добразычлівы Лесавічок. Яны парадавалі ўсіх прысутных дынамічным танцам і вершамі.
Свята не абышлося без віншавальных тэлеграм ад казачных герояў, якія даставіў Паштальён Печкін. З віншаваннямі і пажаданнямі з’явіўся сімвал 2019 года – Жоўтае Парася. Яно прынесла ключык і адчыніла дзверы Новага года.

Пасля таго, як усе казачныя героі былі знойдзены, з’явіліся Дзед Мароз і Снягурачка. Дзеці разам з імі вадзілі карагоды, танчылі і расказвалі навагоднія вершы. Малодшыя школьнікі атрымалі доўгачаканыя падарункі. Свята праходзіла ў атмасферы добразычлівасці і шчырай натхнёнасці.



























