Успаміны Шурпіка Аляксея, вучня 4 класа
На ўроку «Чалавек і свет» наш класны кіраўнік Наталля Віктараўна Турчыновіч расказвала нам пра сталіцу Мінск, знаёміла з выдатнымі мясцінамі горада. Мы даведаліся, што на беразе Камсамольскага возера створаны парк Перамогі, дзе знаходзіцца манумент «Мінск – горад герой». Побач з паркам пабудаваны новы сучасны будынак музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Цікава было слухаць аповяды настаўніцы. Віртуальнае падарожжа па сталіцы зачароўвала, мара ўбачыць парк і музей здавалася нам недасягальнай.
Напачатку вялікага свята 9 мая наша мара збылася: Наталля Віктараўна арганізавала нам экскурсію ў Мінск у музей Вялікай Айчыннай вайны. Мы направіліся ў сталіцу ўсім класам. У аўтобусе мы пазнаёміліся з вучнямі сярэдняй школы № 3 г. Глыбокае, якія таксама ехалі па назначанаму маршруту. Дарога была дальняя, быў час пазнаёміцца. У ходзе размовы мы дзяліліся ўспамінамі нашых дзядуль і бабуль, якія час ад часу расказваюць нам пра падзеі ваенных гадоў, пра цяжкі час, пра нялёгкую долю. Я сядзеў і думаў, наогул, усе мы ўнукі і праўнукі герояў Вялікай вайны. Нас аб’ядноўвае агульнае мінулае дзядоў і прадзедаў, а значыць, мы павінны сябраваць, не крыўдзіць адзін аднаго. Хто ведае: можа нашы дзядулі плячо ў плячо білі фашыстаў.
Першае ўражанне ад знешняга выгляду музея – вялікая, манументальная забудова. Напэўна, архітэктары імкнуліся знешне паказаць жыхарам Беларусі і яе гасцям, што будынак, такі ж моцны, непавержаны, як сіла духу нашага народа. У музеі нас сустрэла экскурсавод. Я ніколі не бачыў столькі праўдзівых дакументаў, арыгінальных прадметаў, унікальных фотаздымкаў. Мы ўважліва слухалі расказ экскурсавода пра абарону Брэсцкай крэпасці, баявыя дзеянні падпольшчыкаў, гераічныя ўчынкі партызан, подзвігі піянераў-герояў. Я адчуваў гонар за нашых прадзедаў. Яны загінулі дзеля нашага мірнага жыцця, светлага неба над галавой.
Цяжка нам уявіць, што людзі кідаліся на доты, каб закрыць сабою таварыша ад пулі, узрывалі танкі разам з сабою. У зале “Дарога вайны” я налічыў 16 адзінак буйнагабарытнай баявой тэхнікі і ўзбраенняў: самалёты, танкі, кулямёты, машыны. Страшна нават падумаць, што такая машына давіла дзяцей, жанчын, што гэтыя кулямёты стралялі па мірным людзям. На стэндах музея захоўваюцца журботныя пісьмы. Мы чыталі іх. Якая надзея была ў салдат вярнуцца з фронту жывымі. Як яны хацелі ўбачыць маці, родных. Верылі ў гэта і паміралі. Гледзячы на музейныя экспанаты мы нібы апынуліся ў 41-ым годзе. Ад гэтай думкі па скуры прабеглі дрыжыкі. Да дому мы вярталіся з сумнымі тварамі. Кожны аб чымсьці маўчаў, думаў… Па дарозе мы наведалі мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Плакалі там… Не змаглі застацца абыякавымі пасля таго, як убачылі дзіцячыя цацкі, імёны і ўзрост спаленых жыхароў вёскі. Каля вечнага агню мы пакланіліся загінуўшым салдатам, бо кожны з нас зразумеў іх уклад для нашай радзімы.
Я ведаю, што ў нашым раёне засталося 15 ветэранаў. Паважаныя ветэраны, мы будзем помніць ваш подзвіг. Дзякуй вам за наша мірнае спакойнае жыццё. Жадаем вам моцнага здароўя! Вы – героі вайны. Я жадаю таксама стаць героем, толькі мірнага часу, у мірнай справе!